У Луцку пройдзе “Бандэрштат 2014”
Традыцыйны фестываль украінскага духу “Бандэрштат 2014” пройдзе ў гэтыя выходныя ва ўкраінскім Луцку. Сёлета ён будзе праходзіць тры дні з 1 па 3 жніўня.
Галоўная музычная сцэна, намётавае мястэчка, а таксама акустычная, дыскусійная ды іншыя тэматычныя пляцоўкі будуць размешчаны ў гарадскім парку імя Лесі Украінкі.
Па словах каардынатара фестываля Маі Масквіч, “Бандэрштат” ужо з’яўляецца не проста музычным фестывалем, а грамадскай з’явай:
– Фестываль “Бандэрштат” ідзе ў нагу з часам, таму кожны год мы намагаемся прадстаўляць і даваць Украіне тое, што актуальна. Украінскі дух ужо зацвердзіўся, “Бандэрштат” ужо не з’яўляецца звычайным фестывалем, ён стаў грамадскай платформай для зносін актывістаў. На “Бандэрштаце” прысутнічаюць усе, усе маюць магчымасць паразмаўляць, пазнаёміцца, абмеркаваць усе надзённыя тэмы і поўнасцю ўсвядоміць, што адбываецца ў краіне, што рабіць далей.
У гэтым годзе на фестывалі “Бандэрштат” будзе традыцыйна прадстаўлена і беларуская тэматыка. У першы дзень на галоўнай сцэне выступіць гурт “Zatoczka”, а на гутарку з удзельнікамі фестываля запрошаныя прадстаўнікі беларускага атрада “Пагоня”.
[youtube id=”eMvaNMrJU2g”]
Гурт “Zatoczka” запрашае на “Бандэрштат 2014”
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя