Барбара Гаральчук прадставіць новую кнігу



Складаныя ўмовы жыцця беларусаў у перыяд “санацыі” ў Польшчы. Між іншым, гэтай праблеме прысвечана новая кніга пісьменніцы родам з Мокрага, што на Бельшчыне, Барбары Гаральчук.

«Мёд» – гэта выданне, якое прысвечанае міжваеннаму 20-годдзю на Беласточчыне. «Пасля вяртання з Расеі, з бежанства, праваслаўнае насельніцтва на родных старонках чакала бяда, і яны мусілі пачынаць тут сваё жыццё «з нуля», ды не былі гэта адзіныя праблемы», – кажа пра праблематыку кнігі «Мёд» аўтарка:

– Магчыма, варта сказаць, што ў новай Рэчы Паспалітай 30% грамадзян – гэта нацыянальныя меншасці. Польскі ўрад хіба не ведаў да канца, што з імі зрабіць. Ён меў праблему, бо яны не вельмі ўпісваліся ў палітычныя планы. І звычайнаму жыхару вёскі, які заўсёды хадзіў у царкву, кажуць перайсці ў каталіцтва альбо ствараюць для яго пэўныя праблемы толькі таму, што ён праваслаўны. І для такога чалавека тое было незразумела.

Папярэдняе выданне пісьменніцы «З надзеяй ажно па небакрай» тычылася падзеяў бежанства 1915 года ў яе сям’і. Пра новую кнігу «Мёд» можна будзе паслухаць падчас сустрэчы з аўтаркай, што пройдзе 16 чэрвеня ў Бельскай гарадской публічнай бібліятэцы.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя