Барбара Гаральчук прадставіла ў Бельску сваю новую кнігу „Мёд”
Аб складанасцях міжваеннага 20-годдзя на Беласточчыне размаўлялі ў Бельску Падляшскім. У Гарадской публічнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі Барбары Гаральчук «Мёд». Выданне пісьменніцы, якая родам з Мокрага, што на Бельшчыне, прысвечанае лёсам праваслаўнага насельніцтва Падляшша ў перыяд санацыйнай Польшчы. Кніга стала таксама нагодай для абмену думкамі на гэтую тэму паміж аўтаркай і чытачамі.
Кажа Барбара Гаральчук:
– Я вельмі задаволеная, бо людзі прыходзяць, значыць, чытаюць кнігі. Яны жывуць і тэмамі нашага Падляшша, і тэмамі гісторыі. Людзі абменьваюцца сваімі думкамі. І гэта добра. Трэба размаўляць. Можа што народзіцца новага з гэтых абменаў думкамі. І я задаволеная і сустрэчай, і кнігай, і атмасферай.
У час мерапрыемства аўтарка распавядала таксама пра сваё папярэдняе выданне «З надзеяй ажно па небакрай», што прысвечанае тэме бежанства 1915 года ў яе сям’і.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота аўтара