БАС праводзіць адукацыйны летнік, прысвечаны бежанству



Госць Беларускага Радыё Рацыя – старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы Ганна Пякарская. У Новым Ляўкове сёння пачынаецца адукацыйны летнік, прысвечаны бежанству.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

РР: Чаму менавіта бежанства стала тэмай летніка?

Ганна Пякарская: Большасць з нас, калі мы яшчэ былі малымі, ездзіла на этнаграфічныя летнікі “Я нарадзіўся тут”. Гэта было вельмі цікава, але мы былі яшчэ замалыя, каб усё дакладна зразумець. Але калі я ўжо пачала ездзіць у этнаграфічныя паездкі, то зразумела, наколькі важна размаўляць з людзьмі пра тое, што адбывалася раней, і запісваць тое, што яны памятаюць. Хутка іх ужо не будзе. А ў сувязі з тым, што сёлета спаўняецца 100 год бежанства, мы вырашылі, што трэба паездзіць, распытаць людзей і запісаць, тое што яны памятаюць у пераказах пра гэтую падзею.

У школе ніхто пра гэта не гаворыць, толькі выключна на ўроках беларускай мовы, але, вядома, не ўсе яе вывучаюць. Таму мы вырашылі, што трэба паказаць моладзі гэтыя падзеі, бо яны маглі закрануць і іхныя сем’і, іхных блізкіх.

РР: Вы будзеце сустракацца з жыхарамі гміны Нараўка?

Ганна Пякарская: Так. На сустрэчу мы таксама запрасілі этнографа, прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, якая будзе вучыць нас, як праводзіць такія размовы, як трэба гаварыць з людзьмі. Таксама запрасілі спецыялістаў па гэтай тэме – Асю Стэльмашук, Юрку Каліну і Анэту Прымаку.

РР: Ёанна Стэльмашук падрыхтавала спектакль пра бежанства з удзелам вучняў беларускіх ліцэяў.

Ганна Пякарская: Ёанна раскажа нам пра сам спектакль, пра яго падрыхтоўку, пра тое, як гэта ўспрымалі дзеці. Юрка Каліна, тэлежурналіст Белсату, зняў стужку пра бежанства, тады яшчэ жылі сведкі бежанства. Мы будзем глядзець фільм, будзем размаўляць з аўтарам пра ягоны погляд на бежанства, бо падыход тэлежурналіста адрозніваецца ад падыходу этнографа да гэтай праблемы. Анэта Прымака вывучае гэтую тэму, яна піша кнігу пра бежанства.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў 23 ліпеня пачынае адукацыйны летнік у вёсцы Новае Ляўкова, у маляўнічым месцы на ўскрайку Белавежскай пушчы. Студэнты там будуць не толькі адпачываць, але і даследаваць сваю гісторыю.

З Ганнай Пякарскай гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток