“Басовішча” – фэст, на які ездзілі гараденцы розных поглядаў



Трыццатае юбілейнае “Басовішча” 19-20 ліпеня 2019 году збярэ сотні беларусаў з розных кропак Беларусі, Польшчы ды іншых краін.

Гарадзенскі журналіст Аляксей Шота лічыць гэты фэст унікальнай традыцыяй і месцам сустрэчы сяброў.

– Я ездзіў на „Басовішча” з 2007-га да 2013-га года. Кожны год. Потым ужо сям’я, дзеці, праца больш адказная. Ужо проста не было магчымасці вырвацца. А яшчэ да 2012 года я жыў у Польшчы, то-бок, з 2007 па 20012 жыў паміж Беларуссю і Польшчай, часта быў у ваколіцах мяжы… На фестывалі можна было сустрэць знаёмых з самых розных мясцінаў – Менск, Гародня, уся Польшча, з нейкіх неверагодных далёкіх краінаў. Некаторыя людзі толькі там сустракаліся.

На думку намесніка старшыні партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, фэст „Басовішча” – гэта ўспаміны пра маладосць.

– „Басовішча”, напэўна, гэта эпоха, гэта ўспамін пра маладосць, гэта тое, чаго вельмі не хапала мне ў мае 20, гэта месца, дзе я заўсёды сустракаў сяброў, успаміны проста бурляць праз край, гэта месца, дзе я пазнаёміўся са сваёй жонкай 20 гадоў таму. Вельмі шкада, што эпоха заканчваецца. Але ўсе эпохі заканчваюцца. Я ўпэўнены, што будзе нешта новае, будзе нешта цікавае, будзе нешта добрае і якаснае.

На юбілейным “Басовішчы” выступяць шмат вядомых беларускіх гуртоў, сярод якіх гарадзенскія “Дзецюкі” і гурт Лявона Вольскага.

Беларускае Радыё Рацыя