Батумі: „аКсяродак” аднаўляе працу
У грузінскім Батумі, дзе жыве некалькі тысяч беларусаў, пасля месячнага перапынку аднаўляе працу беларуская прастора „аКсяродак”.

Кіраўнічка прасторы Аксана Акуневіч распавядае, як беларусы Батумі жылі без „аКсяродку”:
– „аКсяродак” не працаваў усяго месяц, людзі казалі, што не было месца, куды завітаць. Гэта як у Батумі з морам, ты можаш не хадзіць на яго год, але ведаеш, што яно ёсць. За гэты месяц мы не прастойвалі, быў беларускі летнік, але фізічна месца не было.

Па словах кіраўнічкі, прастора павялічылася і цяпер знаходзіцца ў самым цэнтры гораду:
– Мы знялі новае памяшканне. У нас з’явілася вялікая зала для імпрэзаў. Раней, калі прыязджалі выступоўцы, то мы пераносілі сталы, крэслы, ладзім выступ, а пасля вяртаем. Зараз будзе вялікая зала для імпрэзаў. Таксама гэта на цэнтральнай вуліцы, куды можна дайсці.
У „аКсяродку” адбылася першая імпрэза пад назвай міні-улазіны, падчас якой Аксана Акуневіч знаёміла прысутных з прасторай і з тым, што будзе ў ёй адбывацца. Афіцыйна прастора пачне працу пасля касметычнага рамонту, які мае адбыцца пасля 19-га жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя
