Батумі: акцыя на гадавіну вайны ва Украіне
У грузінскім Батумі на гадавіну вайны ва Украіне адбываецца цэлы шэраг акцый. Першая мела назву „Перамога Украіны – перамога свету”. На яе прыйшлі некалькі соцень украінскіх, грузінскіх і беларускіх актывістаў.

Кажа грузінскі актывіст і палітык Ніка Кашэвадзэ:
– Ужо год ва Украіне ідзе вайна і гінуць людзі. Мы не лічым, што гэта вайна можа кагосьці пакінуць абыякавым. Бо гінуць людзі, незалежная краіна пакутуе. Мір немагчымы без перамогі Украіны. Каб свет нарэшце мог уздыхнуць нармальна і ўсе мы маглі жыць у міры ў дабрабыце, Украіна павінна перамагчы.
Кіраўнік арганізацыі”Беларуска дыяспара ў Аджарыі” Аляксей Балашоў кажа пра важнасць удзелу беларусаў у акцыі:
– Важна падтрымліваць свабоду ва ўсім свеце. Беларусь на сённяшні момант акупаваная прарасейскім рэжымам, беларусам важна стаяць поруч з украінцамі і рабіць усё для дапамогі Украіне, каб засведчыць, што Украіна будзе адзінай, свабоднай і мірнай. Беларусь будзе незалежнай, а Мордар будзе разбураны.
На акцыі гучалі гімны Украіны, Беларусі і Грузіі, а потым актывісты ўзнялі вялікі ўкраінскі сцяг і сталі падчас перформансу ў кшталце Украіны.







Беларускае Радыё Рацыя
