Батумі: акцыя салідарнасці з палітвязнямі
Вялікая акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбылася ў сталіцы грузінскай Аджарыі Батумі. Падтрымаць палітвязняў прыйшло амаль паўсотні беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Радзіму.
Чаму трэба рабіць такія акцыі – кажуць самі беларусы:
– Трэба нагадваць пра беларусаў, якія зараз знаходзяцца за кратамі. Краіна ператварылася ў канцлагер. Паказваем салідарнасць, плюс нагадваем беларусам, якія застаюцца ў Беларусі аб тым, што робіцца. Працягваецца безпраўе, так жыць нельга.
– Каб тыя, хто застаўся ў Беларусі, хто не можа такія акцыі ладзіць на Радзіме бачылі, што яны не адныя, што ёсць падтрымка. Хаця б за мяжой, але ўсё роўна мы не апускаем рукі. Мы працягваем нашую барацьбу.
– Гэта важна перш таму, што мы выражаем сваё я, свае думкі, якія застаюцца з Беларуссю, нягледзячы на тое, што мы далёка ад яе. Мы ёсць, мы падтрымліваем і Беларусь, і беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў не самым лепшым становішчы на Радзіме.
Гэтым разам акцыя мела свой працяг у выглядзе шэсця з воклічамі ўдзоўж мора па батумсукім Бульвары і працягвалася больш за гадзіну.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя