Батумі: Дзень Герояў з лекцыяй і праглядам фільма
3-га снежня ў беларускай прасторы „аКсяродак”, якая знаходзіцца ў цэнтры грузінскага Батумі, адзначылі Дзень Герояў – дзень памяці Слуцкага збройнага чыну.
Пра ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў, кажа гісторык і культуролаг Зміцер Зайко:
– Важна згадваць досвед нацыянальнай гісторыі, каб не паўтараць мінулыя памылкі. Тым больш, што шмат у чым гэта адгукаецца зараз. Цяпер падобная сітуацыя, з пункту гледжання палітычных сварак. Тады не аб’ядналіся ўсе, зараз усе спрачаюцца. Трэба разумець, што адзіны вораг, адна мэта, трэба яднацца. Слуцкае паўстанне вучыць нас таму, як нельга рабіць, разам з тым вучыць, як трэба рабіць.
Па словах прадстаўніка арганізацыі „РУХ”, ніколі не трэба забывацца пра герояў – случчакоў :
– Падзеі Слуцкага паўстання ці Слуцкага збройнага чыну важна згадваць, бо гэта сапраўдныя гераічныя дзеянні, гэта гісторыя нашых продкаў, гэта гісторыя беларусаў, якія падняліся на барацьбу супраць бальшавікоў. Зараз мы бачым гэтую самую бальшавіцкую пагрозу, якая была тады. Расейская Федэрацыя з’яўляецца спадкаемцам Савецкага Саюзу.
Пасля лекцыі пра гісторыю Слуцкага Збройнага чыну ў прасторы „аКсяродак” адбыўся прагляд фільма па творы Васіля Быкава „На чорных лядах”.
Беларускае Радыё Рацыя