Батумі: Дзень Волі і дапамога Украіне
У грузінскім Батумі Дзень Волі адзначылі мітынгам у самым цэнтры горада – на Плошчы Еўропы. На мерапрыемства прыйшло некалькі сотняў беларусаў, а таксама ўкраінцы і грузіны.
Пра тое, што для яго азначае Дзень Волі 25 сакавіка, кажа кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Раман Кісляк:
-Кожны год мы сустракаем Дзень Волі, адзначаем яго. Але я не лічу яго святам, пакуль мы не дамагліся волі і абароны нашых сямей, вяртання на Радзіму. Мы не можам казаць, што гэта свята.
Беларуская пісьменніца Наталля Харытанюк таксама адзначае гэты Дзень Волі ў Батумі:
-Такі святы, вельмі важны дзень, як напамін пра тое, што гэта не нейкая гісторыя. Кожны год у нас прачынаецца прага волі, памяць пра нашых продкаў. Нават калі дзяржава пражыла менш чым год, каб гэтага не было, нам было б нашмат складаней. Таму гэта яшчэ неверагодная ўдзячнасць тым, хто абвясціў незалежнасць 25 сакавіка.
На плошчы нагадалі, што больш за месяц ідзе вайна ва Ўкраіне і ўсіх загінулых ўзгадалі хвілінай маўчання. Прадстаўнікі беларускай дыяспары таксама нагадалі пра загінулых у 2020-м годзе ў Беларусі, а таксама пра Алеся Чаркашына ды іншых беларусаў, што загінулі ва Ўкраіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі