Батумі: „Маршрут перестроен” – упершыню ў Грузіі



5 красавіка ў батумскай прасторы для беларускіх медыйшчыкаў «Медыя Хаб» упершыню ў Грузіі паказалі фільм беларускага рэжысёра Макса Шведа пра падзеі 2020 года. Фільм мае назву «Маршрут перестроен» і распавядае пра жыццё ў Беларусі ў час і пасля выбараў.

Пра фільм распавядаюць беларусы, якія паглядзелі гэтае кіно ўпершыню:

– Мне спадабаўся. Гэта той злепак таго часу перадвыбарчага – самага такога напружанага, трывожнага, які ўжо прайшоў, які ніколі, хутчэй за ўсё, не паўторыцца ў бліжэйшыя колькі гадоў. Гэта першае. Па-другое, важна, што гэты злепак застаўся, у большасці людзей ён не застаўся праз страх канфіскацыі тэхнікі, яшчэ нечага.

– Фільм мне вельмі спадабаўся. Я ўвогуле такія фільмы не глядзела, таму што мне вельмі цяжка маральна. І вось гэта першы раз, і мне вельмі часта хацелася плакаць, нават на звычайных кадрах, тым больш што я нядаўна ездзіла ў Беларусь.

На думку Сяргея, аднаго са стваральнікаў гэтага фільма, гэты фільм нават яму складана было глядзець:

Кожны раз, калі пераглядаеш з часам, я не пра мантаж, які я рабіў, але такая прафесійная штука. Агулам мне вельмі прыемна глядзець на кадры, якія былі да выбараў, вельмі складана было глядзець на тыя кадры, якія былі ў канцы, у фінале. Хоць там іх было вельмі мала.

На прагляд фільма ў Батумі прыйшлі не толькі гледачы, але і героі фільма. Пасля прагляду адбылася амаль гадзінная дыскусія пра падзеі амаль трохгадовай даўніны.

Беларускае Радыё Рацыя