Батумі: мастачка Ганна Белавусава дапаможа жывёлам



У беларускай прасторы Inspire у грузінскім Батумі адкрылася выстава мастачкі з Менску – Ганны Белавусавай.

Выстава дабрачынная, на ёй можна набыць малюнкі мастачкі, а сродкі пойдуць на дапамогу жывёлам Грузіі, а таксама на дапамогу жывёлам ва Украіне, якія згубілі свой дом пасля падрыву Кахоўскай ГЭС. Пра свае працы распавяла Ганна Белавусава:

Хуткія эцюды, эцюды ўспаміны ці ўражанні ад вандровак у розныя краіны. Тут ёсць Грузія, Партугалія, хтосьці Кубу пабачыў, хаця гэта была Гішпанія. Яскравыя, жыццярадасныя замалёўкі, якія могуць прынесці добры настрой, а таксама мы можам дапамагчы жывёлам.

Па яе словах, працамі цікавіцца даволі шмат турыстаў, сярод якіх таксама ёсць беларусы:

Цікавасць ёсць, людзі з задавальненнем прыходзяць, глядзяць. Кожны можа знайсці штосьці сваё, хтосьці пазнае тое, дзе ён ужо быў, для кагосьці гэта месца, куды ён хоча трапіць. Людзі цікавяцца, прыходзяць і гэта файна, вельмі прыемна.

Пасля афіцыйнага закрыцця выставы працы яшчэ тыдзень будуць знаходзіцца ў прасторы Inspire, дзе іх можа набыць кожны жадаючы.

Беларускае Радыё Рацыя