Батумі: медычная дапамога для Бучы ад беларусаў
Беларусы Батумі набылі і перадалі для ўкраінскага горада Буча медычных прэпаратаў амаль на 700 даляраў.

Пра тое, як ажыццяўляўся збор і куды пойдуць лекі, распавядае валанцёрка Святлана:
– Прадстаўнікі партыі Лело, у штабе якой знаходзіцца цэнтр гуманітарнай дапамогі ўкраінцам, зараз у Бучы. З Бучы нам перадалі спіс лекаў, якія патрэбныя там. І па гэтым спісе беларусы закупілі лекі. Мы робім закупы амаль кожны тыдзень. На гэтым тыдні закупілі амаль на 2000 лары, якія нядаўна сабралі.

Па словах валанцёра Уладзіміра, які таксама ўдзельнічаў у набыцці лекаў, такія рэчы зараз вельмі патрэбныя ва Украіне.
– Сёння мы наведвалі аптэкі і набывалі медычныя прэпараты для жыхароў Украіны, для Бучы. Прайшлі па аптэках, выбіралі, дзе больш танныя лекі, каб укласціся ў суму, сабраную беларусамі Батумі. Прынеслі ў штаб і пакінулі там.
Для арганізацыі збораў для штабу дапамогі Украіне сярод беларусаў Батумі арганізаваны адмысловы чат, дзе да збору дапамогі можа далучыцца любы жадаючы, хто мае магчымасць нейкім чынам дапамагчы – як грашыма, так і рукамі.

Беларускае Радыё Рацыя
