Батумі: Мы, беларусы, дапамагаем Украіне чым можам
Дзясяткі і сотні беларусаў, што жывуць у грузінскім Батумі, штодня рознымі шляхамі дапамагаюць Украіне. Гэта дапамога як прадуктамі, так і рассяленнем украіанскіх бежанцаў, а таксама ўдзел у штодзённых акцыях дапамогі.

Распавядаюць валанцёры, што завіталі ў штаб дапамогі Украіне:
– Мы часта купляем і прыносім гуманітарную дапамогу. Стараемся пашыраць інфармацыю да тых, у каго ёсць магчымасць купіць і дапамагчы чымсьці, каб усе, хто можа, удзельнічалі па максімуму. Ну і канешне, мы ўдзельнічаем у акцыях, практычна штодзённых, у Батумі, якія, па-першае, выказваюць салідарнасць з Украінай, і па-другое, прыцягваюць увагу для таго, каб усе, хто можа, сканцэнтраваліся на дапамозе Украіне ў змаганні з расейскімі акупантамі.
– Мы здаём кроў. Таксама дапамагаем шукаць жытло для тых украінцаў, якія былі вымушаны з’ехаць. Кожны робіць што можа.
Па неафіцыйных дадзеных, толькі ў Батумі, сталіцы грузінскай Аджарыі, знаходзіцца больш за 5 тысяч беларусаў, і яны штодня прыязджаюць сюды як на сталае жыццё, так і часова, каб далей паляцець у Еўропу.



Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя
