Батумі: сустрэча беларускай супольнасці з Русланам Барамідзэ
У беларускай прасторы “аКсяродак”, якая знаходзіцца ў грузінскім Батумі, прастаўнікі мясцовай беларускай супольнасці сустрэліся з вядомым грузінскім этнолагам і антраполагам Русланам Барамідзэ.
Пра сустрэчу распавядаюць беларусы, прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары:
– Мы зачарпнулі багата цікавай інфармацыі пра грузінскую культуру, грузінскія асаблівасці, грузінскую рэчаіснасць.
– Гэты чалавек сапраўды цікава і падрабязна расказвае, канешне, не на ўсе тэмы. Напрыклад, я цікавіўся менавіта язычніцкім бокам пытання. Але гэта асобная тэма. Прыемна, што мы маем магчымасць паслухаць больш падрабязныя расповеды, нават на тыя тэмы, якія нам не надта прыемныя, пачуць тое, што звязана з постсаўком.
Руслан Барамідзэ таксама распавёў пра сваё будучае даследаванне, якое тычыцца беларускай супольнасці ў Грузіі:
– Я проста пачынаю фармаваць свае пытанні ў тым ліку. Зразумелая справа, што я хачу зразумець, пачынаючы з агульных дадзеных. А як гэтыя людзі жывуць? Як яны ўзаемадзейнічаюць? Якія ўзаемадзеянні ў Грузіі з грамадзянамі Грузіі? Якія там праблемы? Што радуе, якая паўсядзённасць? Шмат чаго, шмат пытанняў, якіх бы я задаваў і ўдакладняў бы для сябе.
Апроч прасторы „аКсяродак” да сустрэчы спрычыніліся прадстаўнікі Агенцыі па ўстойліваму развіццю гарадоў і суполак „Інтэракцыя”. Беларусаў цікавілі пытанні па культурнай спадчыне і дзяржаўнай палітыцы Грузіі, а таксама пытанні пра грузінскае кіно і ўрбаністыку Батумі.
Беларускае Радыё Рацыя