Батумі: сустрэча грузінскіх і беларускіх актывістаў



Каля паўсотні беларускіх і грузінскіх актывістаў прынялі ўдзел у міжнароднай сустрэчы ў грузінскім Батумі.
Актывістам распавялі пра дзейнасць грузінскіх НДА ў розных сферах, а беларусы падзяліліся сваім досведам працы ў недзяржаўным сектары.

Пра сустрэчу распавядае беларускі экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў:

– Гэта сустрэча была вельмі важнай, бо яна стварыла ўмовы, у якіх беларускія і грузінскія актывісты, і эксперты з іншых краін маглі сустрэцца і абмеркаваць тыя пытанні, якія для іх важныя. Я магу казаць з пазіцыі экалогіі, бо я гэтым займаюся. Тут трэба разумець, што змены клімату датычацца не толькі адной краіны.

На думку прадстаўніка грузінскай арганізацыі з Кутаісі «Дыялог Пакаленняў» Нарзара Кахрэідзе падобныя сустрэчы патрэбныя як грузінам, так і Беларусам:

– Я думаю, што гэта былі вельмі цікавыя 2 дні, дзе мы сустракаліся з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацый. Іншае бачанне сітуацыі, іншыя патрэбы і неабходнасці, якія на працягу гэтых 2 дзён мы пачулі ад іх, былі вельмі важныя. Гэта дало магчымасць задумацца аб тым, наколькі мы адкрыты, і наколькі ў Грузіі прадстаўлена магчымасць інтэграцыі для ўсіх, хто працуе ў нашай краіне.

Актывісты ўпэўнены, што падобныя сустрэчы трэба ладзіць як мага часцей і тады будуць адбывацца і супольныя праекты і больш шчыльная супраца паміж беларусамі і грузінамі.

Беларускае Радыё Рацыя