Батумі: украінцы і беларусы адзначылі Дзень Незалежнасці Украіны



24 жніўня на плошчы Еўропы ў грузінскім Батумі адбылося вялікае свята да Дня Незалежнасці Украіны.

Арганізатарам амаль 6-гадзіннага свята была супольнасць «Майдан Батумі», і падчас мерапрыемства быў вялікі кірмаш народных майстроў з Украіны і Беларусі і мітынг, дзе выступоўцы казалі чаму гэта свята важнае для іх.

Кажуць актывісты ўкраінскай супольнасці з Батумі:

Наша краіна прайшла праз сур’ёзнае выпрабаванне. Гэта працягвалася не гады, гэта трывала стагоддзі. Расейская Федэрацыя намагалася проста знішчыць украінскую культуру.

– Многія не могуць вяртацца дадому, бо іх дом знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі. Ёсць такія людзі, у якіх дом не на акупаванай тэрыторыі, але там увесь час прылятаюць бомбы. Расея – краіна тэрарыст. І важна нам быць зараз разам.

Пра важнасць гэтага дня кажа кіраўнік «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Аляксей Балашоў:

Гісторыя ўкраінскага і беларускага народаў спалучана дужа шчыльна. Найперш спалучана адзіным ворагам, які зноў, каторы ўжо раз, хоча знішчыць нашу незалежнасць. Ён хоча павязаць беларусаў крывёю разам з маскалямі, як душыцеляў свабоды. А мы павінны сцвердзіць перад светам і перад украінцамі, што мы хочам свабоды, гэтак сама як і яны. Сёння, калі ва Украіне пажар, сполахі вайны, у Беларусі пануе акупанцкая цемра.

За час акцыі кожны прысутны меў магчымасць зрабіць данат у дапамогу ўзброеным сілам Украіны. Агулам толькі за час акцыі было сабрана больш за тры тысячы даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя