Батумі: узгадалі герояў, што загінулі за Украіну
У грузінскім Батумі адбылася акцыя памяці герояў, што загінулі падчас вайны ва Украіне. Грузія на другі дзень пасля Вялікадня адзначае дзень памінання загінулых, на акцыі ўзгадалі імёны беларускіх і грузінскіх добраахвотнікаў, якія паклалі сваё жыццё за свабоду Украіны на гэтай вайне.

Кажа беларускі актывіст Максім Туркоў:
– Гэта памяць для ўсіх нас аб тым, што свабода заўсёды дастаецца толькі цяжкай працай і боем. На жаль, заўсёды ёсць тыя, хто жадаюць яе адняць. І, на жаль, заўсёды будуць тыя, хто будзе вымушаны аддаць сваё жыццё за свабоду свайго народу, сваёй краіны і будучыні сваіх дзяцей.
Па словах украінскай актывісткі Ганны Мацвеішынай, заўсёды трэба памятаць, што гэтая вайна – вайна не толькі паміж Украінай і Расеяй:
– Такія акцыі вельмі важныя дзеля таго, каб ушаноўваць памяць тых людзей, якія аддаюць свае жыцці за свабоду і незалежнасць Украіны, Еўропы ды ўсяго свету. Таму тое, што зараз творыць Расейская Федэрацыя ва Украіне, – гэта прамая пагроза для свабоды і дэмакратыі ў свеце.
Пасля невялічкага мітынгу актывісты запалілі знічкі і паставілі іх каля партрэтаў грузінскіх і беларускіх добраахвотнікаў.
На Плошчы Еўропы ў грузінскім Батумі акцыі супраць вайны ва Украіне адбываюцца штодня, і цяпер на плошчы ўтварыўся невялічкі мемарыял з партрэтамі добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне.













Беларускае Радыё Рацыя
