Батумі: ва Украіне адбываецца экацыд
Больш за сотню чалавек выйшлі ўвечары 11 чэрвеня на плошчу Еўропы ў грузінскім Батумі, каб выказаць сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне.

Па словах удзельнікаў, расейцы пасля падрыву Кахоўскай ГЭС учынілі ва Украіне экацыд і пра гэта трэба распавесці, як жыхарам Батумі, так і гасцям гораду:
– Шмат турыстаў, турыстычны горад, шмат людзей прыязджаюць. Я думаю, што гэта карысна.
– Беларусы павінны быць з украінцамі ў гэты момант і на працягу ўсёй вайны. Гэта справа ўсяго цывілізаванага свету. Калі гэтая імперыя пераможа, то будзе новая вайна. Адзіны наш шанец, гэта спыніць яе цяпер.
– Думаю, што гэта важна, каб людзі не забывалі, бо час праходзіць, ужо не першы год, галоўнае ніколі пра гэта не забываць. Расея здзейсніла ва Украіне сапраўдны экацыд. Нам, беларусам, а таксама усяму свету, трэба іх падтрымліваць. Калі не падтрымаць, то гэта таксама адбудзецца ў іншых краінах.
Актывісты таксама правялі невялічкі перформанс, каб паказаць, як выглядаюць затопленыя ўкраінскія месцы, а пасля выканання гімнаў Украіны, Грузіі і Беларусі на імправізаванай сцэне з’явіўся вялікі ўкраінскі сцяг.











Беларускае Радыё Рацыя
