Батумі: забег у вышыванках
У грузінскім Батумі адбылася частка міжнароднай акцыі, якая мае назву „Забег у вышыванках” і была прымеркавана да Дня незалежнасці Украіны. Да арганізацыі гэтай акцыі ў Батумі мелі дачыненне таксама і беларусы.

Кажа адна з арганізатарак акцыі, беларуская актывістка Мілана:
– Людзі з усяго свету маглі заказаць стартавы пакет. У ім былі вышыванкі, медалі, быў нумар, у якім прапісана „Слава Украіне!”. Можна было прабегчы любую дыстанцыю. Мы вырашылі прабегчы ўсе разам, а не паасобку. Мы планавалі дзесяць кіламетраў, прабеглі частку, але было вельмі спякотна, таму хтосьці бег кіламетр, хтосьці паўтара-два.
Па яе словах, да такіх забегаў далучаюцца людзі рознага ўзросту і розных нацыянальнасцяў.
– Гэта была сумесная акцыя, усе разам выбеглі, прабеглі са сцягам у вышыванках. Было каля 30-ці ўдзельнікаў рознага ўзросту. Былі не толькі прадстаўнікі Украіны, але і беларусы беглі, а таксама расейцы і з іншых краінаў.
У Батумі ўжо некалькі месяцаў існуе бегавы клуб. Бліжэйшае вялікае мерапрыемства клуба – забег, які адбудзецца 10 верасня. У арганізацыі забегаў у якасці валанцёраў удзельнічаюць беларусы, таксама нашы землякі актыўна ўдзельнічаюць у саміх спартовых мерапрыемствах.

Беларускае Радыё Рацыя
