Батумі: Злачынствы ў Бучы не забудзем ніколі



У цэнтры грузінскага Батумі штодня адбываюцца антываенныя акцыі. На апошняй акцыі хвілінай маўчання ўзгадалі забітых у Бучы ўкраінцаў, пасля чаго быў адкрыты мікрафон.

Кажа ўкраінская актывістка з Горлаўкі Карына:

– Увесь свет у шоку, увесь свет у жаху, страху, застыў пасля кадраў, якія мы пабачылі ў Бучы, Гастомелі, Ірпені, пасля таго, што адкрылася, калі адышлі расейскія войскі з гэтых тэрыторый. Я ў шоку, я ў жалобе, я не ведаю як гэта можа перажыць украінскі народ. Я веру, што гэта зробіць яго мацней.

Беларуская актывістка з Белаазёрску Надзея ўпэўнена, што трэба неяк разварушыць людзей, якія лічаць сябе „па-за палітыкай”:

– Важна, каб пра гэта даведаліся ўсе, важна, каб усе пабачылі гэты боль. Трэба, каб людзі, якія яшчэ засталіся, каб яны разумелі, што калі людзі выходзяць, то значыць штосьці не тое, значыць штосьці ўсё ж такі адбываецца. Застаюцца людзі, якія вераць гэтаму тэлевізару. Важна выходзіць, бо цяпер гэта ўсё, што мы можам зрабіць. Ёсць людзі, якія могуць пайсці і абараніць сваю краіну.

На акцыі сабралася некалькі дзясяткаў чалавек – актывісты з Грузіі, Украіны і Беларусі. Таксама перад мікрафонам выступілі некалькі чалавек з Расеі, якія былі вымушаны з’ехаць ад пераследу.

Беларускае Радыё Рацыя