Батумская кавярня дапамагае тым, хто пацярпеў ад дыктатараў
У грузінскім Батумі колькасць акцый у падтрымку Украіны павялічваецца з кожным днём. Акцыі ладзіць не толькі штаб збору дапамогі, але і кавярні гораду. Кавярня Sweet Day, да прыкладу, прыдумала акцыю падтрымкі не толькі ўкраінцаў, але і іншых народаў, што пацярпелі ад дыктатуры.
Распавядае арганізатарка акцыі Яна Цыферблат:
-Я, з аднаго боку, падтрымліваю Украіну. З другога боку, я супраць расізму. Калі людзі адчуваюць віну, гэта нармальна. Але мы павінны гэтаму нешта супрацьпастаўляць. І мы назвалі гэтую акцыю – Акцыя для ўсіх, хто пацярпеў ад дыктатуры. Мы разумеем, што тыя расіяне, якія знаходзяцца ў Батумі, і беларусы Батумі – гэта не акупанты, гэта ахвяры.
Яна лічыць, што акцыя вельмі простая – гэта ўзаемадапамога:
-Запрашаем усіх, хто пацярпеў ва ўсіх гэтых дыктатарскіх краінах. І кожны жадаючы можа павесіць тут сімвалічнае сэрцайка. У нас іх тут вельмі шмат. І перадаць сваю любоў і падтрымку другім людзям, якія пацярпелі. І любы, хто пацярпеў, можа прыйсці і атрымаць гэтую любоў і падтрымку гэтымі сэрцайкамі, каваю і плюшкамі.
У кавярні таксама можна атрымаць інфармацыйную дапамогу для беларусаў і ўкраінцаў, якія пераехалі ў апошні час, збягаючы ад дыктатуры і вайны.
Беларускае Радыё Рацыя