БЧ не будзе прызначаць новы цягнік да Беластока



Беларускага цягніка да Беластока не будзе ў першую чаргу з-за тэхнічных цяжкасцей: у Беларусі і Польшчы розная шырыня чыгуначнай каляіны.

цягнік

Пра гэта TUT.BY падчас прамой лініі расказаў намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Сяргей Мацкевіч.

З 13 снежня паміж Гародняй і Беластокам перасталі курсіраваць электрычкі польскага перавозчыка Przewozy Regionalne. Фірма прыпыніла рух з-за абмежаванага дзяржаўнага фінансавання цягнікоў міжнародных напрамкаў на 2016 год. Аднак палякі спадзяюцца ў хуткім часе аднавіць спалучэнне, якое мае “важную сацыяльную ролю”.

Зараз дабрацца з Беларусі да Беластока на цягніку немагчыма. Але БЧ нават не разглядае пытанне аб прызначэнні ўласнага складу ў гэтым кірунку.

– У першую чаргу з-за тэхнічных пытанняў: у нас розная шырыня каляіны, у нас такога рухомага складу проста няма, – патлумачыў Сяргей Мацкевіч.

Паводле яго слоў, ажыятажу на польскіх кірунках няма. І БЧ, і РЖД праводзяць сістэматычны маніторынг запоўненасці цягнікоў. Пры неабходнасці ідзе папаўненне існуючых схем, запэўніў Сяргей Мацкевіч.

Іншы еўрапейскі напрамак – літоўскі – прадстаўнік чыгункі назваў вельмі насычаным. Цяпер беларускі і літоўскі бакі вядуць на ім электрыфікацыю, якую плануюць завяршыць да канца 2016 года. Пасля гэтага з’явіцца магчымасць павялічыць частату курсіравання цягнікоў у літоўскім напрамку з Менска, распавёў Сяргей Мацкевіч.