Беларус асуджаны ў Польшчы за шпіянаж
У Польшчы за шпіянаж на сем гадоў турмы асуджаны беларус Аляксандр Лянюк.
На працягу васьмі гадоў ён супрацоўнічаў з адной з польскіх спецслужбаў, атрымаў ганарар – 319 тысяч даляраў і 18 тысяч еўра. Аднак інфармацыя, якую ён пастаўляў пра „беларускіх агентаў” у органах улады Польшчы і „беларускую шпіёнскую сетку”, аказалася фальшывай.
Як інфармуе Польскае радыё, суд прыйшоў да высновы, што дзейнасць беларуса прывяла да „неэфектыўных дзеянняў” супрацоўнікаў польскай спецслужбы. Высветлілася, што Лянюк падрабляў дакументы. Напрыклад, сабе ён зрабіў пасведчанне пра заканчэнне „курсаў спецслужбаў”. Палякам ён перадаў і фальшывы спіс „афіцэраў беларускіх спецслужбаў”. А тыя працяглы час верылі свайму агенту.