Беларусь і Польшча распрацуюць план супольнага кіравання Белавежскай пушчай
У беларускай і польскай частках Белавежскай пушчы маюць намер распрацаваць план сумеснага кіравання трансгранічным аб’ектам Сусветнай спадчыны, паведамілі БЕЛТА ў нацыянальным парку «Белавежская пушча».
Такія рэкамендацыі беларускаму і польскаму боку выдаў Камітэт Сусветнай спадчыны.
«Трэба актывізаваць работу па падрыхтоўцы адзінага трансгранічнага плана. Маем намер да канца года правесці з польскімі калегамі сумеснае пасяджэнне па гэтым пытанні. Складанасці абумоўлены рознымі заканадаўствамі, якія неабходна адаптаваць да сумеснага плана», – растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнага парку па навуцы і экалагічнай асвеце Васіль Арнольбік.
Дарэчы, нацыянальны парк «Белавежская пушча» атрымаў прапанову прыняць удзел у 22-й сесіі Генеральнай асамблеі дзяржаў-удзельніц канвенцыі аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, якая адбудзецца напрыканцы лістапада ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
