Беларусь і Расея будуць разлічвацца за газ па-новаму
Расея і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разліку кошту расейскага газу. Цяпер у разліках не будзе фігураваць даляр, а цана на газ знізіцца.
У прыватнасці, як піша „Коммерсантъ” са спасылкай на знаёмыя з ходам абмеркавання крыніцы, формула вызначэння цаны газу цалкам зменіцца, з яе сыдзе даляравы складнік і яна стане цалкам рублёвай, што знізіць рызыкі Беларусі, звязаныя з ваганнем курсу даляра.
Паводле дадзеных газеты, з 2017 года цана газу для Беларусі будзе вызначацца па сярэдняй цане па адзінай сістэме газазабеспячэння (АСГ) Расеі, памножанай на павышальны каэфіцыент. У 2017 годзе сярэдняя цана будзе каля 4,05 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў, а павышальны каэфіцыент складзе прыкладна 1,48. Такім чынам, цана газу для Беларусі ў 2017 годзе складзе каля 6 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў. У астатнія месяцы 2016 года газ у Беларусь будзе пастаўляцца па цвёрдай цане 6,3 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў.
Як адзначае расейскае выданне, цана на газ для Беларусі знізіцца з цяперашніх 132 прыкладна да 100 долараў за 1 тыс. кубаметраў.
Пры гэтым да 2025 года цана газу для Менска павінна ў сярэднім зраўнавацца з цаной для расейскіх спажыўцоў, паколькі бакі дамовіліся, што павышальны каэфіцыент будзе паступова змяншацца і да 2025 года ён стане роўным адзінцы.
Як расказалі суразмоўцы газеты, калі новыя ўмовы будуць зацверджаны, то Беларусь пагасіць доўг перад „Газпромам”, уключаючы пені, па старой цане, а Расея цалкам адновіць замарожаныя падчас канфлікту пастаўкі нафты. Паводле дадзеных „Коммерсанта”, сума запазычанасці за газ за шэсць месяцаў складае каля 300 млн. даляраў.
Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй вядзецца з пачатку 2016 года — Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу, Расея з гэтым не згодна. У выніку, як лічыць расейскі бок, да пачатку лета ў беларускіх спажыўцоў утварыўся доўг, які перавышае 200 млн. даляраў ЗША.
Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за расейскі газ. „Беларускія сябры нам, на жаль, не даплачваюць за газ, у тым ліку [гэта адбіваецца] на бюджэце, паколькі „Газпром” з’яўляецца буйным падаткаплацельшчыкам. Вядома, вымушаныя шукаць кампенсацыі”, — сказаў Дварковіч.
Віцэ-прэм`ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка 30 чэрвеня, выступаючы ў парламенце, падкрэсліў, што Беларусь не патрабуе ад Расеі паставак таннага газу. „Мы ставім задачу прыйсці да цэнаў, блізкіх да ўнутрырасійскіх, — сказаў ён. — Я заўсёды сваім калегам, калі неаднаразова, дзясяткі разоў ужо спрэчкі па цане газу, па формулах, па ўсім і гэтак далей, я кажу: „Нам не патрэбен танны газ ад вас, мы пайшлі ў Еўразійскі саюз для таго, каб мець газ і энергарэсурсы ў цэлым па цэнах, блізкіх да вашых”.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў 23 жніўня пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам, што Беларусь „блізкая да дасягнення разумення з расійскімі партнёрамі па пытаннях фарміравання цаны на прыродны газ і паставак нафты”.