Беларусь і Расея «тэстуюць» Польшчу і Літву пры дапамозе нелегалаў



Беларусь і Расея «тэстуюць» Польшчу пры дапамозе нелегалаў з Блізкага Усходу. Дзейнасць расейскіх службаў накіравана на ўвядзенне хаосу ў публічнай прасторы. Гэтак выказаўся намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марцін Ацепа.

Цягам апошніх месяцаў колькасць нелегальных мігрантаў з Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін на межах Беларусі з Еўразвязам рэзка павялічылася. Паводле польскіх службаў, іншаземцы прылятаюць у аэрапорт Менску, а затым арганізавана дастаўляюцца на мяжу.

Тым часам, каля 4-5 тысяч нелегалаў дагэтуль блукаюць па лясох Заходняй Беларусі. Такую інфармацыю даў міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас: «З нашага боку мы можам сказаць, што сітуацыя сапраўды стабілізавалася. Цяпер нашы інстытуцыі займаюцца тымі нелегаламі, якія жывуць у Літве. Гэта значыць, што нам трэба вызначыцца з іх далейшым знаходжаннем, міграцыйная служба афармляе дакументы, правярае іх, праходзяць усе прадугледжаныя для такой сітуацыі працэдуры. А вось з боку Беларусі я б не сказаў, што сітуацыя стабілізавалася… Нелегалы пражываюць у гасцініцах, іх грошы, мы ведаем, заканчваюцца. Беларускі бок прымусова — супрацоўнікі праваахоўных органаў — вязуць іх на мяжу, прымушаюць іх пераходзіць мяжу… Мы, вядома, гэтага не дазваляем. Але, ва ўсякім разе, мы бачым, што ў той капкан, які Лукашэнка будаваў для краін Еўразвязу, трапіў ён сам».

Беларускае Радыё Рацыя