Беларусь і Украіна запусцілі электронны абмен паміж мытнямі



Украіна і Беларусь запусцілі электронную сістэму абмену дадзенымі паміж мытнямі. Цяпер інфармацыя пра тавары і транспартныя сродкі, якія праходзяць праз мяжу, будзе адсочвацца ў ан-лайн і беларускімі, і ўкраінскімі мытнікамі. Мяркуецца, што гэта значна скараціць час транспарціроўкі грузаў і зменшыць кантрабанду.

Да запуску новай кампутарнай сістэмы абмен інфармацыяй паміж беларускай і ўкраінскай мытнямі адбываўся ў папяровым выглядзе.

Напрыканцы кожнай змены ўкраінскі мытнік складаў раздрукоўку, якая тычылася ўсяго транспарту, які ішоў праз мяжу. Такую ж раздрукоўку здаваў і беларускі мытнік. Пасля гэтага беларусы і ўкраінцы абменьваліся гэтымі раздрукоўкамі.

Такі парадак правакаваў перавозчыкаў на махлярства: на адной мяжы кіроўца мог падаць адзін пакет мытных дакументаў,  а на наступнай – іншы, загадзя сфальшаваны.

Цяпер, як толькі машына з грузам трапляе на ўкраінскую мытню, уся інфармацыя пра яе імгненна дасылаецца беларускім мытнікам, і наадварот. Гэта робіць немагчымымі ранейшыя фальсіфікацыі, бо ў электронным рэестры прапісваецца абсалютна ўсё: маршрут перавозчыка, звесткі пра ягоны аўтамабіль і інфармацыю пра груз.

Пакуль, новая электронная сістэма працуе толькі на ўкраінска-беларускай мяжы. Мяркуецца, што з 2016 года яна запрацуе і на ўкраінска-польскім напрамку, які для Украіны не менш прыярытэтны.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя