Беларус Ігар Лукашук змагаецца за мандат сенатара



Беларус Ігар Лукашук змагаецца за мандат сенатара ад Падляшша ў 61 акрузе, якая ахоплівае Бельскі, Гайнаўскі, Сямятыцкі і Высока Мазавецкі паветы.

Ігар Лукашук з’яўляецца радным падляшскага сейміка і дырэктарам Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, а таксама актыўным грамадскім дзеячам на ніве беларускай культуры на Падляшшы. Балатуецца ад выбарчага камітэта „Грамадзянскай кааліцыі” і заклікае грамадства прыняць актыўны ўдзел у выбарах:

– У нас тыя ж самыя праблемы штодзённага жыцця і гэтыя ж самыя выклікі, якія ставіць перад намі будучыня. Ёсць людзі, якім іншае веравызнанне ці паходжанне можа перашкаджаць у выбарах, але ж ёсць таксама для якіх мае значэнне толькі чалавек, яго погляды, яго досвед. Людзі павінны зразумець, што калі яны не выберуць, то за іх выберуць іншыя. Свае інтарэсы павінны пільнаваць мы самі. Калі хочам выйграць гэтыя выбары і мець сваіх прадстаўнікоў у парламенце, то трэба ісці на выбары.

Супернікі Ігара Лукашука ў Сенат па 61 акрузе – Яцэк Багуцкі з выбарчага камітэта „Права і справядлівасць” ды Альдона Скіргела з выбарчага камітэта „Самаабарона”. Выбары ў Сейм і Сенат Польшчы адбудуцца 13-га кастрычніка.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя