Беларус стаў героем тэлесюжэта ў Варшаве



Польскі тэлеканал TVN 24 у праграме «Факты па палудню» паказаў сюжэт, у якім хлопец падчас завеі, калі ў Варшаве на заснежанай дарозе заграз ды забуксаваў аўтобус, не разгубіўся, а падышоў ды пачаў пхаць яго. Карэспандэнт далучыўся да хлопца і даведаўся, што гэта хлопец з Беларусі. Відэа сюжэта ужо робіць фурор у польскіх і беларускіх сетках. А цяпер атрымалася высветліць інфармацыі болей — хлопец з’ехаў з Беларусі на хвалі апошніх падзей, а зараз у Варшаве падчас мерапрыемстваў беларускай дыяспары яго часта можна ўбачыць у касцюме белага мядзведзя — таго самага, які ў нядзелю 7 лютага таньчыў з беларускамі чэлендж «Jerusalema» на Дні Салідарнасці з Беларуссю.

І галоўнае — акцыя па вызваленню аўтобуса завяршылася поспехам.

У сюжэце за 8 лютага TVN 24 журналіст праграмы Faktypo po Południu Павел Лукасік (Paweł Łukasik) у прамым эфіры з вуліцы Бельведэрскай ў Варшаве бярэ інтэрв’ю у пасажыраў, якія, вяртаючыся з працы, былі вымушаныя выйсці з аўтобуса і ісці пешшу з-за таго, што на заснежанай дарозе паўстаў вялізны транспартны корак, бо аўтобус забуксаваў.

У сюжэце бачна, што аўтобус забуксаваў і папросту не можа крануцца з месца. І той момант, калі журналіст бярэ інтэрв’ю з пасажыркай, нейкі хлопец, мінак на заднім плане, ні кажучы ні слова і не звяртаючы ні на каго ўвагі, папросту падыходзіць да яго і пачынае, дапамагаючы кіроўцы і ратуючы пасажыраў, адчайна пхаць аўтобус. Журналіст заўважае гэта і пераключае ўсю ўвагу на хлопца, якога тут жа параўноўвае з вобразам з плакатаў з 80-х, а потым і сам далучаецца да хлопца. Бачна, што журналіст сам знаходзіцца ў лёгкім шоку ад убачанага, бо прамаўляе: «Пхаць можна легкавы аўтамабіль, але з аўтобусам… нават не ведаю».

Падчас сумеснага акта ратавання журналіст бярэ інтэрв’ю ў невядомага героя, пытаючы, ці спяшаецца той дадому. Але той адказвае на ламанай польскай мове, што не размаўляе па-польску. Тады Павел Лукасік спытаў у хлопца адкуль ён, на што пачуў адказ: «З Беларусі». Хлопец пажартаваў, што ў Расеі пхалі самалёт (такое сапраўды было — 6 гадоў таму пасажыры ў Ігарцы пхалі Ту-134, які таксама захрас, дарэчы — паспяхова).

Журналіст хацеў высветліць, ці часта такім чынам дапамагаюць у Беларусі, але хлопец не зразумеў пытання. Урэшце разам яны далі рады і аўтобус паехаў. Журналіст пасля гэтага незвычайнага ўчынку хацеў паразмаўляць з героем, але той сціпла развітаўся, спаслаўшыся на тое, што не разумее па-польску.

Сюжэт хутка зрабіў фурор, пра яго напісалі польскія медыі, шмат пастоў у сацсетках сярод беларускай дыяспары. Школы польскай мовы ў Варшаве пачалі шукаць героя, каб прапанаваць яму сваё навучанне, пры гэтым бясплатна!

Праз пэўны час дзякуючы інфармацыя, якая хутка разляцелася па сацсетках, атрымалася адшукаць героя. Ім апынуўся Дзмітрый Салагуб, які да гэтага пражываў у Менску ў раёне Каменная горка. Жыве ў Варшаве каля 2 месяцаў, з’ехаў на хвалі палітычных падзей, якія зараз адбываюцца на Беларусі.

Ён адразу далучыўся да дзейнасці беларускай дыяспары ў Польшчы, ездзіў валанцёрам да дзетак ў Бялу Падляску, каб падараваць ім святочны настрой, бярэ ўдзел ў мітынгах, а ў гэтую нядзелю таньчыў разам з беларускамі чэлендж «Jerusalema» на Дні Салідарнасці з Беларуссю.

Дарэчы, на вывучэнне польскай мовы Дзмітрый ужо даў згоду адной з моўных школ.

novychas.by