Беларус ва Украіне: Мы мусім рабіць усё магчымае, каб памагчы
З гуманітарнай місіяй на Херсоншчыне пабываў беларус Максім Дмітракоў. На ўласныя вочы ён меў магчымасць параўнаць сітуацыю ва ўкраінскай сталіцы і па лініі фронту, — падрабязней распавёў наш сённяшні Госць Рацыі ў гутарцы з Аліса Поль:
— Цяпер я ў Кіеве. Толькі што вярнуліся з першай часткі гуманітарнай місіі ў Херсоне. Настрой добры, нават, я магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, бо тое, аб чым я марыў, дапамагчы людзям, першы крок удаўся. Вайна адчуваецца па-рознаму, вось калі мы былі за 8 км ад, не буду называць каго, там адчуваецца вайна, там страшныя прылёты, людзі напружаныя, і штодзень абстрэлы, там змаганне за выжыванне. У Кіеве іншыя настроі, але ўкраінцы нязломныя і жыццё працягваецца.
РР: Ці можаце крыху падрабязней расказаць пра гэтую гуманітарную місію, наколькі доўга яна цягнулася і што было зроблена?
— Я далучыўся да сваёй сяброўкі Алёны Жаркевіч, якая прапанавала далучыцца да вялікай гуманітарнай місіі. На жаль, беларускія незалежныя медыі не падтрымалі пачатак, які быў 2 месяцы таму, і мы маглі ехаць дапамагаць, але праз тое, што не было аўдыторыі, не так шмат людзей далучылася, мы рыхтавалі, збіралі рэчы, адзенне, прадукты, лекі. І паездка, што была ўчора, гэта вынік двухмесячнай падрыхтоўкі, бо мы ехалі ў адзін з найбольш пацярпелых раёнаў, які быў пад акупацыяй, і які на мяжы фронту — то бок 8 км ад пазіцыяў расейцаў. А за гэты час мы ездзілі ў Чарнігаўшчыну, вазілі дапамогу, і Марыупаль. Да Хаба ў Кіеве могуць звярнуцца людзі, атрымаць дапамогу. За гэты вялікі дзякуй дыяспары Беластоку і Варшавы.
РР: Атмасфера на лініі фронту ад атмасферы ў Кіеве, ці розніцца?
— У Кіеве вайна не так адчуваецца, а на лініі, мы бачылі, што людзі першы раз убачылі, што беларусы могуць дапамагаць, што мы ёсць, і што мы разам. Гэта галоўная мэта і матывацыя, каб працягваць, бо нам гэта патрэбна рабіць, памагаць, бо не дай Бог, гэта прыйдзе да нас у дом, але калі мы сустрэліся з гэтым ва Украіне, дзе мы цяпер, мы мусім рабіць усё магчымае, каб памагчы.
Беларус Максім Дмітракоў нагадаў, што для тых беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне, заўсёды ёсць магчымасць валантэрства. Таксама далучацца могуць і тыя, хто жыве ў іншых краінах, але гатовы прыехаць на ўкраінскую тэрыторыю.
Беларускае Радыё Рацыя