Беларус вёз у Польшчу кантрабандныя таблеткі для пахудзення



Незаконны ўвоз у Польшчу фармацэўтычных прэпаратаў cпынілі супрацоўнікі Дзяржаўнай падатковай адміністрацыі на памежным пераходзе на беларуска-польскай мяжы.

Беларус спрабаваў увезці ў суседнюю краіну 6300 капсул, якія паскараюць метабалізм. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:

– Супрацоўнікі мытні з Баброўнікаў знайшлі 70 пакункаў у якіх было па 90 капсул фармацэўтычных прэпаратаў. Кантрабанда была знойдзена падчас агляду „Фіята”, якім кіраваў 41-гадовы беларус. Мужчына хаваў іх у некалькіх месцах, сярод якіх была скрынка для інструментаў. Прыблізны кошт медычных сродкаў, якія змяншаюць тлушчавую тканку і ўзмацняючых метабалізм, складае больш за 21 тысячу злотых. У сувязі са спробай кантрабанды супраць мужчыны пачалі адміністрацыйную справу за парушэнне правіл увозу фармацэўтычнай прадукцыі на тэрыторыю Польшчы.

У адпаведнасці з правіламі праз мяжу можна перавозіць толькі 5 невялікіх упаковак фармацэўтычных сродкаў для ўласных патрэбаў. У выпадку перавозкі буйных камерцыйных партый лекаў неабходны дазвол Галоўнага фармацэўтычнага інспэктара. За парушэнне закона прадугледжаны штраф, пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя