Беларус вёз у Польшчу сярэднявечную дзіду
Кантрабанду гістарычнага артэфакта прадухілілі супрацоўнікі Мытна-падатковай службы на пемежным пераходзе ў Баброўніках. Сярэднявечны наканечнік дзіды спрабаваў нелегальна ўвезці ў Польшчу 54-гадовы грамадзянін Беларусі.
Падчас дэтальнага агляду аўтамабіля Fiat, якім кіраваў беларус, супрацоўнікі выявілі схаваны ў скрыні з інструментамі ў багажніку металічны наканечнік дзіды. Кіроўца прызнаўся, што спрабаваў нелегальна яго перавезці. Супраць яго пачата адміністратыўная справа, а артэфакт канфіскаваны.
Паводле папярэдніх ацэнак экспертаў з Нацыянальнага інстытута спадчыны ў Варшаве ды Падляшскага музея ў Беластоку, выкрыты наканечнік дзіды з’яўляецца археалагічным помнікам і праўдападобна паходзіць з ранняга сярэднявечча.
Падрабязная экспертыза артэфакта, якая будзе праводзіцца спецыялістамі ў межах справы, вызначыць яго вартасць і паходжанне.
