Беларус Яраслаў Бароўскі абраны бургамістрам Бельска (абноўлена)
РР: Віншуем! Вам было нялёгка, бо ў адрозненне ад суседняй Гайнаўкі, дзе быў адзін кандыдат, у Бельску іх было некалькі. Тым больш цэнная гэтая перамога. Вы першы раз балатаваліся і адразу такая перамога, але ў мясцовай палітыцы Вы не навічок.
Яраслаў Бароўскі: Так, я ўжо чатыры гады быў радным гарадскога Савета і адзін год выконваючым функцыі бургаміста павета. Мяркую, што тая праграма, якую Бельская кааліцыя і я прапанавалі нашым жыхарам, найбольш ім спадабалася.
РР: Што, паводле Вас, патрэбна Бельску, што плануеце зрабіць перш-наперш для горада і ягоных жыхароў?
Яраслаў Бароўскі: Гэта не толькі мая перамога, акрамя гэтага, мы маем 9 радных у гарадскім Савеце. Такога выніку мы не мелі ўжо шмат гадоў. Наш выбарчы лозунг: “ Новы погляд на горад”. Гэта значыць, што пазаўрадавыя арганізацыі, таварыствы, простыя людзі могуць прапанаваць свае ідэі, а задача гарадской улады знайсці сродкі для ажыццяўлення гэтых помыслаў.
Яшчэ з пачатку мінулага года мы імкнуліся паказаць, што гэта не аўтарытарная ўлада, а ўлада, адкрытая для людей. Людзі прапанавалі 23 праекты, 17 з іх ухвалілі, звыш 2600 чалавек прагаласавала за гэтыя праекты. Гэта паказвае, што жыхары Бельска хочуць прымаць актыўны ўдзел у жыцці горада.
Хачу таксама адзначыць, што з 6 кандыдатаў на пасаду бургамістра 3 першыя месцы у выбарах занялі кандыдаты ад невялікіх лакальных камітэтаў. Гэта не былі кандыдаты ад партый. Гэта паказвае, што наш горад не хоча партый, а хоча тых, хто жыве ў гэтым горадзе, і мае свой погляд на тое, як гэты горад мусіць развівацца. Таксама і ў гарадскім Савеце ў нас будзе толькі 5 партыйных кандыдатаў, 16 кандыдатаў непартыйных. Гэта таксама паказвае, што мы не хочам ні з кім сварыцца, мы хочам рабіць добрую справу у гэтым горадзе для яго жыхароў. І нельга забываць пра суседзяў, пра Орлю, пра Чыжы, нам трэба супрацоўнічаць.
РР: Як Вы збіраецеся наблізіць уладу да людзей, каб ваш выбарчы лозунг цалкам ажыццявіць?
Яраслаў Бароўскі: Так, лозунг – гэта толькі словы. А патрэбныя справы. На наступным тыдні маем спатканне з пазаўрадавымі арганізацыямі і хочам стварыць Савет грамадскай карысці. Такія аб’яднанні ўжо існуюць у некаторых гарадах, і яны дапамагаюць грамадскім арганізацыям супольна гаварыць пра іхныя праблемы. У нас існуе звыш 70 арганізацый, але яны існуюць паасобку. А калі будзем мець такі Савет, ім будзе прасцей браць удзел у конкурсах, атрымліваць датацый ад ЕЗ і так далей. У студзені будзе спатканне з жыхарамі горада на тэму бюджэта на 2015 год. Слухаем тое, што гавораць жыхары горада, і па нашых магчымасцях будзем рэалізоўваць.
Кантакт з людзьмі, выкарыстанне іх патэнцыялу, энтузіязму і празрыстасць улады – дэкларуе Яраслаў Бароўскі, новаабраны бургамістр Бельска-Падляшскага.
З Яраславам Бароўскім гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
* * *
Паводле яшчэ неафіцыйных вынікаў выбараў, у Бельску Падляшскім перамагае Бельская кааліцыя. Як паведаміў Пятро Божко, кандыдат на бургамістра ад Бельскай кааліцыі Яраслаў Бароўскі выйграе ў першым туры ўпершыню ад 2002 года:
– Перамог у выбарах наш кандыдат Яраслаў Бароўскі. Ён атрымаў 5200 галасоў. На другім месцы на нашым Падляшшы быў Раман Марганьскі, які атрымаў амаль 2100 галасоў. У выбарах у Гарадскую раду таксама перамагла Бельская кааліцыя. У Гарадской радзе ёсць 21 дэпутат, з іх 9 – ад нашай Бельскай кааліцыі, 2 – “Права і Справядлівасць”, 1 – самаўрадавая кааліцыя “Еднасць”, 3 – “Наша Падляшша”, 3 – левыя дэмакраты, 3 – выбарчы камітэт “Выбаршчыкі для Бельска”.
“Гэта вялікі давер, і буду рабіць усё, каб яго апраўдаць. Тым больш што ўпершыню з 2002 года ў Бельску Падляшскім выбралі бургамістра горада ў першым туры,” – гаворыць Яраслаў Бароўскі:
– Нечаканая сітуацыя, бо ў гэтым годзе атрымалася так, што мне аддалі 5161 голас, а астатнім – 5132. Гэта значыць, што маю больш 50%. Першае, што сёння зрабіў, – падпісаў 3 рашэнні і вызначыў 2 цаны продажу дзялак. Скажу, што вельмі вялікі давер да мяне, і я не магу яго згубіць. Хачу, каб ніхто не пашкадаваў, што 4 гады бургамістрам горада быў Яраслаў Бароўскі.
Бельская кааліцыя атрымала таксама найбольш з ўсіх спісаў мандатаў у гарадскую ўправу.
Вядома таксама, што выбары на войта гміны Орля выйграў Пятро Сэльвясюк і ў гміне Чыжы таксама застаецца на чарговы тэрмін Юры Васілюк.
Падрабязней пра выбары-2014 у Польшчы тут.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bielsk-podlaski.pl