Беларуса, абвінавачанага ў падрыве цягнікоў у тунэлі БАМ, этапуюць у Іркуцк



Беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у падрыве цягнікоў у Бураціі, этапуюць у Іркуцк, паведамляе расейскі тэлеграм-канал Baza.

Сяргей Ерамееў на судзе ў Омску  / tass.ru

Ерамеева затрымалі ў Омску, дзе ён і знаходзіўся да апошняга часу. Таксама Baza піша пра ператрусы ў знаёмых Ерамеева, якія правялі спецслужбы Беларусі. У канцы лістапада ў Бураціі здарыліся пажары двух цягнікоў з палівам, адбыліся выбухі. Чыгуначны рух быў спынены. Інцыдэнты кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі заявіла, што па падазрэнні ў тэракце затрымалі грамадзяніна Беларусі, які нібыта даў прызнальныя паказанні. Пазней выявілася, што гэта 52-гадовы Сяргей Ерамееў, былы супрацоўнік наваполацкага «Нафтана». Ён удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе і быў звольнены з палітычных матываў. Пасля гэтага мужчына перабраўся ў Расею. Суд арыштаваў беларуса да 30 студзеня 2024 года.