Беларусаў-купалаўцаў у Беластоку віталі аншлагам
Беларусаў у Беластоку прывіталі аншлагам. Незалежная тэатральная група „Купалаўцы” ў рамках фестывалю «Напрамак Усход» паказала спектакль «Я». Праект створаны з сапраўдных жыццёвых гісторый дзяцінства. Ён вельмі асабісты ды важны для кожнага з акцёраў, якія тут занятыя. Але найперш – у Беластоку ў купалаўцаў была магчымасць пасля доўгага перапынку ў 1,5 гады выступіць перад публікай.
Пра гэта кажа рэжысёр спектакля, акцёр-купалавец Раман Падаляка:
– Для акцёраў гэта вельмі класная гісторыя, таму што яны нарэшце адчулі гэтую жывую залю, гэтую жывую рэакцыю. Безумоўна, гэта такое вяртанне да нармальнага стану, нармальнага тэатра. Можа, я не ўсё там зверху чуў, дзе праводзіцца спектакль, але маю надзею, што ўсім спадабалася, закранула і прымусіла перажыць нейкія эмацыйныя моманты.
На фестывалі «Напрамак Усход» – беларусы сярод фаварытаў. Сёння пабачым спектакль «Гэта мы», паводле «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. Спектакль паставіў украінскі рэжысёр Стас Жыркоў, паказваюць яго акцёры, якія аб’ядналіся ў незалежны тэатральны праект. Яго пабачым сёння, 30 верасня, у Беластоку ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры на вуліцы Цыялкоўскага 1N а 19.00 паводле мясцовага польскага часу.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dramatyczny.pl