Беларусаў Вільні запрашаюць на акцыю памяці «Ноч (не)расстраляных паэтаў»
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі запрашаюць на імпрэзу-ўшанаванне памяці беларускіх літаратараў, расстраляных НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Акцыя памяці пройдзе 29 кастрычніка з 17.00 да 19.00 каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A).
У мерапрыемстве возьмуць удзел музыкі: Анастасія Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Юры Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач, старшыня Саюза літоўскіх пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ і іншыя ганаровыя госці. Жадаючым прадэкламаваць вершы будзе прадстаўлены вольны мікрафон.
Арганізатары акцыі запрашаюць беларусаў Літвы сабрацца ў гэты вечар разам, каб прачытаць і паслухаць улюбёныя творы, узгадаць тых, хто аддаў свае жыцці за вольную Беларусь. Але «Ноч (не)расстраляных паэтаў» — гэта не толькі ўшанаванне памяці бязвінна загінулых, гэта і праява салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца ў зняволенні зараз.
Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці ўсяго свету традыцыйна збіраюцца ў гэты вечар у сваіх гарадах, каб сказаць «Мы памятаем!», бо ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. — адна з найбольш крывавых датаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады ў засценках НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: дзеячаў культуры, навукі, тагачасных службоўцаў. Сярод іх былі 22 літаратары: паэты, празаікі, крытыкі. Гэты расстрэл стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі, якія ішлі з 1929 года.
Гісторыя паўтараецца. Сёння свабода думкі і творчасці зноўку знішчаецца рэжымам у Беларусі, а тысячы нашых суайчыннікаў знаходзяцца ў засценках за жаданне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне.
Прыходзьце, каб разам ушанаваць памяць загінулых і выказаць салідарнасць сённяшнім палітычным зняволеным Беларусі!