“Беларусі – ТАК, легітымізацыі дыктатуры – НЕ!”
Акцыя пратэсту пад такім лозунгам адбудзецца 12 траўня каля амбасады Латвіі ў Варшаве, каб не дапусціць легітымізацыі апошняга дыктатара Еўропы праз запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца 21-22 траўня ў Рызе. “Мы лічым, што запрашэнне на саміт мае быць накіравана дзейнаму Ураду Рэспублікі Беларусь і апазіцыі”, – кажа кіраўнік Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.
– Мы пратэстуем супраць таго, што мяняецца палітыка Еўразвязу ў адносінах да Беларусі. І лічым, што нельга рабіць такія крокі, якія могуць легітымізаваць дыктатара Лукашэнку, які пры ўладзе ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў. Змены ў палітыцы еўрапейскіх дзяржаў у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі якраз развязваюць яму рукі, і рэпрэсіі ў Беларусі толькі ўзмацняюцца.
Акцыя пратэсту распачнецца пад будынкам Латвійскай амбасады а 14-й гадзіне.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя