Беларуска Германіі: „Немцы мала цікавяцца Беларуссю”



Працэс эміграцыі з Беларусі актыўна працягваецца. Беларусы з’язджаюць пераважна ў суседнія краіны – Польшчу, Літву і Украіну. Але нямала беларусаў апынулася і ў Германіі. Навапалачанка Даша ўжо шэсць гадоў жыве ў гэтай краіне. Як цяжка ў ёй натуралізвацца? І як немцы ўспрынялі драматычныя падзеі ў Беларусі? З Дашай на гэтыя тэмы паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Што здарылася, чаму ты вырашыла ехаць у Германію? Проста вучоба, ці ты вырашыла памяняць краіну?

Таня: Не, не вырашала я ніколі мяняць краіну, мне хацелася проста выехаць з Беларусі, павандраваць па свеце, і вярнуцца сюды. Але я там затрымалася- там абставіны, і гэтак далей.

РР: А чаму менавіта Германія? Польшча бліжэй напрыклад.

Таня: таму што я вучыла ў Менску нямецкую мову, яна мне вельмі падабалася, таму і Германія. Таксама цікавілася гісторыяй Германіі.

РР: А як цяжка натуралізавацца, прыехаць маладому чалавеку ў Германію, і там пачаць паўнацэнна жыць?

Таня: Цяжка, вельмі цяжка. Таму што Немцы да як яны называюць „аустлэндэраў” ставяцца непрыязна. Яны не любяць іншаземцаў. Ты павінен вельмі добра ведаць нямецкую мову. Гэта не так, як з ангельскай, што гэта мова свету. У Германіі трэба вельмі добра валодаць нямецкай, вельмі добра. Там вельмі шмат іншаземцаў- палякі, рускія. Асабліва некаторыя рускія- тыя, хто прыехаў у 80-ыя, 90-ыя паводзяць сябе не вельмі добра. У іх ужо такі імідж.

РР: То лепш казаць, што я не руская, а беларуска, праўда?

Таня: Беларуска, але калі кажаш, што беларуска, то многія не ведаюць.

РР: Хіба апоншія падзеі зрабілі так, што Беларусь сталі ведаць ва ўсім свеце?

Таня: Так, але не ўсе глядзяць навіны, не ўсе цікавяцца, так скажам. Нават, калі яны бачылі нешта ў навінах- „Belarus„, ужо не Weißrussland, гэта ўжо афіцыйна ў навінах, але для многіх гэта незразумела, бо тут ёсць яшчэ адна рэч, якую я заўважыла. У іх у геаграфіі ў школе вельмі аднабока- тая частка свету, якая на ўсход ад Германіі, гэта ўжо „Tabula rasa”, і яны кажуць так: „быў Савецкі Саюз, і чаму мы павінны цяпер ведаць гэтыя ўсе новастворанныя краіны, гэта ўсё для нас складана, і чаму гэта не Russland” і гэтак далей.

РР: А такі нармальны грамадзянін Германіі, які сочыць за навінамі, як ён гэтыя падзеі ў Беларусі ўспрымаў?

Таня: Нармальны так і ўспрымаў, як гэта паказваецца ў навінах. Яны ведаюць, што Лукашэнка дыктатар. Але ў іх ёсць такое, што яны кажцуь, што Лукашэнка гэта стаўленнік Пуціна, і яны не хочуць з Пуціным канфліктаваць праз газ, праз нафту.

РР: То бок праз гэта яны ўжо не так радыкальна ставяцца да гэтых падзеяў?

Таня: Менавіта. І таксама, калі адбываліся ўсе гэтыя падзеі, у Германіі было шмат сваіх унутраных праблем, я калі былі навіны пра Беларусь, то яны казалі- нам спачатку трэба са сваім разабрацца- мігранты, каронавірус. І дарэчы: калі з’явіўся каронавірус, то ён заўсёды быў у навінах на першым месцы, і акрамя каронавірусу ўсё іншае знікла з навінаў. Сірыя, і гэтак далей. І тут- Беларусь. Яны кажуць: „чаму Беларусь? Чаму мы павінны цікаціцца зараз Беларуссю?”

Даша зараз атрымлівае ў Германіі адукацыю. Аднак яна не плануе заставацца ў эміграцыі, хоць ідэальна вывучыла нямецкую мову і амаль не адрозніваецца ад карэнных немцаў. “Абавязкова вярнуся на радзіму,” – упэўнена сцвярджае дзяўчына, адказваючы на пытанне пра далейшыя жыццёвыя планы.

Алесь Аркуш Беларускае Радыё Рацыя