Беларуска везла ў бензабаку ўнікальныя археалагічныя артэфакты
Кантрабанду, якая складалася з 40 прадметаў, выявілі ў грамадзянкі Беларусі польскія мытнікі. Бранзалеты з бронзавага, жалезнага веку і ранняга сярэднявечча спрабавала незаконна ўвезці ў Польшчу 62-гадовая беларуска.
Кантрабанда была знойдзена падчас агляду аўтамабіля Volkswagen, на якім жанчына перасякала мяжу ў Баброўніках. Унікальныя археалагічныя артэфакты былі загорнуты ў пластыкавыя пакеты і схаваныя ў паліўным баку.
Паводле словаў экспертаў Інстытута нацыянальнай спадчыны ў Варшаве і Падляшскага музея ў Беластоку, выяўленыя мытнікамі вырабы рэдка сустракаюцца ў Польшчы і з’яўляюцца каштоўнымі археалагічнымі артэфактамі.
Падчас праверкі беларуска патлумачыла, што хацела прадаць гэтыя прадметы ў Варшаве.
Жанчыне пагражае штраф.