Беларускае гістарычнае таварыства выступіла з заявай ў справе Тарашкевіча



Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы выступіла з заявай, у якой выказвае занепакоенасць тым, што Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў Браніслава Тарашкевіча асобай, якая не вартая быць патронам адной з вуліц у Бельску Падляшскім, а таксама патронам Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляшскім.

Як адзначае старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак палітычная дзейнасць Браніслава Тарашкевіча — вядомая. Найбольшай таямніцай застаецца сапраўдная дата ягонай смерці і спосаб, у які гэта выканалі карнікі з НКВД.

Мы, як Беларускае гістарычнае таварыства, чакалі нейкі час мерытарычнага абгрунтавання рашэння Інстытута нацыянальнай памяці, але, паколькі з боку ІНП не паступае ніякіх лістоў, а з выказванняў у СМІ і старшыні Шарэка і доктара Коркуця мы разумеем, што яны карысталіся толькі агульнавядомымі звесткам з жыцця Тарашкевіча, дык мы вырашылі, што не будзем адкладаць сваёй заявы і адклікаемся да найважнейшага. А найважнейшае паводле нас, гэта тое, што закон пра дэкамунізацыю не адносіцца да Браніслава Тарашкевіча. У законе гаворыцца даволі ясна, для нас прынамсі, што трэба прыбраць як патронаў вуліц і падобных аб’ектаў асобаў, якія з’яўляюцца сімвалам камунізму, ці нейкай іншай таталітарнай сістэмы. Калі гаварыць пра Тарашкевіча, дык ён вядома быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, але гэта яшчэ не робіць яго сімвалам камунізму. Ён проста на нейкім палітычным этапе палічыў карысным для беларускай справы супрацу з камунізмам, але трэба сказаць, што для беларусаў ён ніколі не быў сімвалам камунізму. І нават для савецкіх камуністаў ён не быў такім сімвалам, паколькі яны не дазвалялі стварыць музей у Радашковічах, хоць там быў дом, сям’я прасіла. Для саветаў ён заўсёды быў проста беларускім нацыяналістам, за што яны яго і знішчылі. У Польскай Народнай Рэспубліцы вельмі доўга не дазвалялі даследчыцы Аляксандры Бергман, якая пісала пра Браніслава Тарашкевіча, публікаваць. З вялікімі цяжкасцямі і толькі таму, што яна была заслужанай камуністычнай дзяячкай, ёй дазволілі апублікаваць працы пра Браніслава Тарашкевіча. Таксама яго лічылі не сваім. Такім чынам для беларусаў Тарашкевіч як асоба з’яўляецца сімвалам, але перш за ўсё культурнай працы на карысць свайго народу. Гэта аўтар «Беларускай граматыкі для школ», гэта чалавек, які змагаўся за беларускую справу парламенцкім шляхам у Другой Рэчы Паспалітай, гэта чалавек чый лёс сімвалізуе лёс беларускай інтэлігенцыі, якая загінула ў часы камуністычнага тэрору.

РР: Старшыня ІНП сказаў, што дзеля вырашэння гэтага пытання, звязанага з Браніславам Тарашкевічам, магчыма зладзіць сустрэчу беларускіх і польскіх гісторыкаў. Як вы лічыце, ці такая сустрэчы яшчэ ў нечым дапаможа ў гэтым пытанні?

Сустракацца і гаварыць заўсёды варта, але трэба сказаць, што на мой погляд старшыня Шарэк меў на ўвазе гісторыкаў з Рэспублікі Беларусь, паколькі тыдзень таму ён быў у Беластоку і ніякай спробы кантакту з Беларускі гістарычным таварыствам у Польшчы з ягонага боку не было. Калі нехта прапануе нам такую сустрэчу, мы вядома прымем удзел у ёй.

РР: Рашэнне адносна адмены і назвы вуліцы пакуль адкладзенае на нейкі час. Ці гэта дае нейкія магчымасці, каб змагацца?

Безумоўна. Паколькі гэта ўжо нейкі крок, ужо бачна, што па той бок ёсць нейкія сумневы: ці добра зрабілі. Хоць можа гэта толькі, каб лепш абгрунтаваць Я не ведаю. Толькі думаю, што ўсё ж гэта сведчыць пра тое, што хтосьці хоча падумаць над гэты і лічу гэта ўжо нейкім поспехам у гэтай вельмі цяжкай справе.

29 лістапада 1938 года – афіцыйная дата расстрэлу Браніслава Тарашкевіча ў менскай турме НКВД.

Паводле некаторых гісторыкаў Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся ажно дзевяць месяцаў. Напярэдадні дэпутаты гарадской Рады ў Бельску Падляшскім прынялі рашэнне захаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча. Як мы ўжо паведамлялі раней, канчатковая дата дэкамунізацыі вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску падоўжана да сярэдзіны студзеня. 

Гутарыла Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя