Беларускага актывіста не пусцілі на тэрыторыю Грузіі



Грамадскага актывіста, заснавальніка «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Яўгена Гацака не пусцілі на тэрыторыю Грузіі грузінскія памежнікі.

28 красавіка ў батумскім МедыяХабе адбылася прэс-канферэнцыя, дзе прадстаўнікі дыяспары агучылі сітуацыю з Яўгенам Гацаком.

Пра Яўгена Гацака кажа кіраўнік «Беларускай Дыяспары ў Аджарыі» Аляксей Балашоў:

-Ён быў адным, напэўна, з першых, хто ў першай хвалі пасля пачатку тэрору ў Беларусі прыехаў у Батумі. Ён тут знаходзіцца з сям’ёй амаль два гады.

РР: Што можа пагражаць яму на тэрыторыі Грузіі?

-На тэрыторыі Грузіі, мы спадзяваліся, што нічога яму не пагражае. І не ведаем ніякіх прэтэнзій да яго з боку грузінскай дзяржавы. Спакойна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці дыяспары, браў удзел у нашых беларускіх акцыях, браў удзел у акцыях антываенных, удельнічаў у падтрымцы ўкраінскіх уцекачоў.

Пра сітуацыю з Яўгенам Гацаком распавядае праваабаронца Раман Кісляк:

-Яго не пусцілі ў Грузію першы раз 25 красавіка. 26 красавіка ён папрасіў прытулку ў грузінскіх пагранічнікаў, у грузінскай паліцыі, калі прыйшоў з турэцкага боку. Разглядалі гэтае пытанне дзесьці шэсць гадзін. Яму адмовілі ізноў. І вывелі на турэцкі бок. Я лічу, што груба было парушана права на разгляд пытання аб прадастаўленні прытулку. То бок, права, прадугледжанага Канвенцыяй ААН аб уцекачах. Грузія падпісала і ратыфікавала дадзеную Канвенцыю, і яна з’яўляецца яе ўдзельніцай.

На канферэнцыі былі прадстаўнікі як беларускіх, так і грузінскім СМІ. А пытаннямі Яўгена Гацака займаюцца як грузінскія, так і беларускія праваабаронцы. Пра сітуацыю з ім таксама вядома Святлане Ціханоўскай і грузінскім палітыкам.

Беларускае Радыё Рацыя