“Беларускага Трыстана” цяпер можна прачытаць і па-польску



Раней перакладзены на ангельскую, італьянскую, сербскую і сучасную беларускую мову, цяпер тэкст рукапісу выдадзены ў польскім перакладзе мовазнаўцы Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта, прафесара Ліліі Цітко.

Чым адрозніваецца беларускі варыянт легенды ад заходнееўрапейскіх, гасцям літаратурнай серады ў “Ксёнжніцы Падляскай” распавяла супрацоўніца бібліятэкі Рачыньскіх Караліна Томчык-Козёл. А прафесар Лілія Цітко не толькі расказала пра цяжкасці перакладу, але і прачытала фрагмент беларускага тэксту 16 стагоддзя:

Класічная мова, якая вядомая з прыкладаў той жа Бібліі Скарыны, лічыцца царкоўна-беларускай мовай. А мова «Трыстана» зусім іншая. Тут шмат рысаў, выразаў нават сучаснай беларускай мовы.

Фрагмент рукапісу канца 16 ст. з Познаньскай бібліятэцы Рачыньскіх паходзіць, як мяркуецца, з Наваградчыны. Сёння ёсць самым усходнім варыянтам еўрапейскай легенды пра Трыстана і Ізольду, адзінай крыніцай пра Трыстана на славянскай мове, а таксама самым раннім помнікам свецкай беларускай літаратуры. У 2014 годзе фрагмент пра Трыстана быў ўнесены ў Польскі нацыянальны спіс праграмы ЮНЭСКА “Памяць свету”.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі