Беларускаму аб’яднанню студэнтаў – 35 гадоў
Старэйшая беларуская незалежніцкая арганізацыя ў Польшчы Беларускае аб’яднанне студэнтаў сьвяткуе юбілей. У першай палове 1981 года група студэнтаў, этнічных беларусаў з Польшчы, вырашыла аб’яднаць намаганні для абароны сваіх правоў і захаваньня нацыянальнай тоеснасьці. За 35 гадоў арганізацыя перажывала розныя часы.
Што значыць БАС для сённяшняга пакалення маладых беларусаў у Польшчы? Пра гэта расказвае цяперашняя старшыня арганізацыі Ганна Пякарская:
– БАС – гэта гісторыя і надзея на будучае. Калі людзі 35 гадоў таму змагаліся, думалі, стваралі гэтую арганізацыю, то трэба працягваць гэтую працу. Для нас вельмі важна, каб гэтае дзіця расло, яно яшчэ не такое дасканалае, як нам хацелася б.
РР: Што чакае “басаўцаў” і сяброў БАСу на ўрачыстасці, прымеркаванай да юбілею арганізацыі?
Ганна Пякарская: Калі людзі сустракаюцца, дзеляцца ўспамінамі, тады прыходзяць новыя плённыя думкі. Таму хочам паслухаць пра мінулае і аберкаваць планы на будучае. Запрасілі гурт “Крама”. Спадзяюся, што атрымаецца вельмі цёплая, прыемная сустрэча.
РР: 35 гадоў таму Беларускае аб’яднанне студэнтаў узнікала на хвалі “Салідарнасці” і подыху дэмакратыі, які быў у пачатку 80-х гадоў у Польшчы. Сённяшні БАС – што гэта за арганізацыя?
Ганна Пякарская: Гэта арганізацыя, якая некалькі гадоў таму перажывала цяжкія часы, мы не ведалі, вытрывае яна ці не. А зараз атрымалася так, што амаль з усімі праблемамі мы развіталіся. Для арганізацыі пачынаецца новае жыццё. Спадзяёмся, што прыйдуць новыя людзі, са свежымі ідэямі і энергіяй. Пакуль БАС – гэта “Басовішча”, але мы стараемся арганізоўваць і іншыя мерапрыемствы. У гэтым годзе атрымалася зрабіць конкурсную частку ў Менску, канцэрт “Брутто” і “Дзецюкоў” у Беластоку, цяпер – святкаванне нашага юбілею. Таму памалу развіваемся. Для нас 35 год БАСу не проста юбілей, а нагода падумаць пра нашую будучыню.
РР: “Басовішча” без сціпласці можна назваць галоўнай музычнай імпрэзай беларускай меншасці ў Польшчы. Што чакае нас на сёлетнім “Басовішчы”?
Ганна Пякарская: Як заўжды шмат цудоўнага! Акрамя музычнай праграмы рыхтуем шмат іншых мерапрыемстваў. Таму фестываль таксама развіваецца і выходзіць на іншыя жанры беларускай культуры.
РР: Традыцыйна перад “Басовішчам” усіх хвалюе візавае пытанне. Ці ўдасца сёлета дапамагчы гасцям фестывалю трапіць на яго?
Ганна Пякарская: У гэтым годзе запрасілі да супрацы людзей, якія дапамагалі арганізоўваць канцэрт “Брутто” і “Дзецюкоў”, – Марыну Калеснікаву і Яўгена Новаша. Таму, спадзяюся, з візавай падтрымкай усё будзе добра.
Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” сёлета пройдзе 27 раз традыцыйна ва ўрочышчы Барык ля Гарадка. А ўжо ў бліжэйшую нядзелю БАС запрашае сябраў і прыхільнікаў арганізацыі разам адсьвяткаваць 35-гадовы юбілей арганізацыі. Урачыстасьць пройдзе ў беластоцкім клубе “Змяна Клімату”, пачатак а 15-й гадзіне.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток