Беларуская Акадэмія 8 снежня правядзе канферэнцыю «Аўтар і аўтарскае права»
Беларуская Акадэмія супольна з Вышэйшай школай менеджмента ў Коніне і фундацыяй «Вакно на Усход» падрыхтавала канферэнцыю «Аўтар і аўтарскае права». Канферэнцыя пройдзе 8 снежня ў онлайн-фармаце. Паслухаць даклады выступоўцаў зможа кожны ахвотны. На сайце Беларускай Акадэміі ўжо змешчаны коды далучэння да трансляцыі ў ZOOMе.

Кажа прафесар, кіраўнік Беларускай Акадэміі Святлана Куль-Сяльверстава:
– Наспела пытанне. Ва ўсякім выпадку, мы яго паставім, адзначым нейкія балючыя пытанні. Штосьці адкрыем, штосьці высветлім. У Беларусі на сённяшні дзень аўтарскае права не дзейнічае ўвогуле. У Беларусі сёння не да законаў, а ў гэтым пытанні тым больш. Зусім інакш з аўтарскім правам у Еўропе, я сама гэта выкладаю і ведаю стан з аўтарскім правам і правам інтэлектуальнай уласнасці, тут гэта вельмі строга і вельмі ўсё ўнармавана.
Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваныя ў альманаху “Беларусь і Свет. Веснік Беларускай Акадэміі”. Больш інфармацыі можна даведацца на сайце Беларускай Акадэміі.
Беларускае Радыё Рацыя
