Беларуская акцыя ў Кіеве: “Рукі прэч ад Беларусі і Украіны!”
Акцыя супраць увядзення расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі прайшла ва Украіне.
Удзельнікі сустрэліся каля амбасады Расеі ў Кіеве, агучылі свой погляд на сітуацыю, а на завяршэнне паклалі плакаты і іншыя сімвалічныя “падарункі” каля брамы ўстановы. “Такая нашая пазіцыя”, – зазначыў арганізатар мерапрыемства Альгерд:
– Уся міжнародная супольнасць прызнае, што тыя так званыя вучэнні, якія праводзіць Расея на тэрыторыі Беларусі, калі прыбудзе 200 эшалонаў з расейскай тэхнікай і вайскоўцамі, могуць стаць фактычна акупацыяй Беларусі, калі пасля вучэнняў яны не выйдуць з тэрыторыі Беларусі. Гэтыя войскі могуць быць задзейнічаны супраць Украіны для нанясенні ўдара па Кіеву з тэрыторыі Беларусі. Таму сёння мы пратэстуем.
Такія ж акцыі плануюцца ў хуткім часе ў Варшаве і Вільні – у гарадах, дзе беларуская дыяспара насамрэч вялікая.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя