Беларуская бібліятэка ў Гайнаўцы запрашае новых чытачоў



Цягам трох дзён Беларуская бібліятэка, якая дзейнічае пры Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, праводзіла рэкламную акцыю «Дні адкрытых дзвярэй». Можна было даведацца пра гісторыю Беларускага музея і бібліятэкі, паглядзець навінкі ў багатым кнігазборы ды проста запісацца ў бібліятэку. «Нашым кнігазборам можа карыстацца кожны ахвотны,» – кажа кіраўнік Беларускай бібліятэкі ў Гайнаўцы Віялета Андрасюк:

— Найбольш пазіцый ў мастацкай літаратуры, бо ад пачатку існавання нашай бібліятэкі да нас траплялі кніжкі, што ўваходзяць у канон беларускай літаратуры. І з часоў сярэдніх вякоў і з сучаснай літаратуры, і іх найбольш. На маю думку, вельмі цікавыя кніжкі, што кранаюць тэмы рукадзелля, ганчарства, кавальства, што распавядаюць пра ежу, абрады ў беларускай вёсцы.

У рамках акцыі бібліятэку наведалі гайнаўскія вучні. Беларуская бібліятэка працуе з аўторку па суботу з 8 да 16 гадзіны.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя