Беларуская дыктоўка – у Беластоку
21 лютага, у Дзень роднай мовы, у комплексе школ святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку пройдзе беларуская дыктоўка. Як кажа настаўніца беларускай мовы Іаанна Марко, упершыню такая дыктоўка прайшла ў 2013 годзе, і з таго часу арганізуецца штогод і становіцца ўсё больш папулярнай. Акрамя таго, да свята роднай мовы далучаюцца і іншыя падляшскія школы. Настаўніца распавяла, як паўстала ідэя такога свята:
– Гэта ўсё пачалося 7 гадоў таму, калі я падумала, што ёсць Дзень роднай мовы, які важны для ўсіх моў, але найбольш для тых, што не маюць належнага месца, якое павінны мець. І я прыдумала: чаму б ні напісаць у нас такую дыктоўку з нагоды Дня роднай мовы, каб паказаць гэтым дзецям таксама, што іх родная мова – гэта беларуская мова.
“Беларуская дыктоўка ўжо ўпісалася ў штогадовы школьны каляндар”, – дадае настаўніца.
Комплекс школ святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку – гэта навучальная пляцоўка, якая спалучае агульнае навучанне з рэлігійнай, нацыянальнай і міжкультурнай адукацыяй.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя