Беларуская дыяспара Кіева: Крым – гэта Украіна!
Сказаць, што Крым – гэта Украіна, а таксама папярэдзіць, што беларуская дыяспара ў Кіеве хоча наладзіць камунікацыю са штабам Святланы Ціханоўскай, а таму рыхтуе яму адкрыты ліст. Такія два пасылы беларуская дыяспара Кіева агучыла на традыцыйнай нядзельнай акцыі.

„Гэты тыдзень быў поўны палітычных заяваў узурпатара адносна Украіны. Спадар Лукашэнка адкрыта заявіў, што Крым – гэта Расея. Следам папярэдзіў, што ў выпадку эскалацыі ваеннага канфлікту на Данбасе ён прыме ў ім удзел на баку Расеі. Але мы іначай глядзім на сітуацыю”, – падкрэслівае суарганізатар акцыі Альгерд:
– Ідэя сённяшняй акцыі нарадзілася з апошняй заявы так званага прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі. Калі ён афіцыйна прызнаў, што Крым – гэта Расея і чакае афіцыйнага запрашэння Пуціна, каб наведаць Крым. Ідэя акцыі ў тым, каб нагадаць украінцам, што Беларусь – гэта не Лукашэнка. Адзіны саюзнік Украіны – гэта народ Беларусі, а не Лукашэнка. Мы хочам нагадаць уладам Украіны, што мы – гэта не Лукашэнка, мы – гэта саюзнікі Украіны. Таксама мы хочам папрасіць Святлану Ціханоўскую, каб яна прыехала ва Украіну і сустрэлася з беларускай дыяспарай і ўладамі Кіева.
Такім чынам, актывісты Кіева спыняцца не збіраюцца. А значыць, наперадзе – яшчэ нямала акцый, пра якія мы абавязкова раскажам на хвалях Беларускага Радыё Рацыя.

Беларускае Радыё Рацыя
