Беларуская дыяспара ў Беластоку не спыняе сваю актыўнасць



Беларускія дыяспары ў розных краінах свету не спыняюць сваю актыўнасць. І хоць з увагі на шэраг фактараў, а найперш пандэмічны, пэўныя падзеі і мерапрыемствы не маглі, і пэўна, зноў не змогуць адбыцца, ёсць шмат іншых спосабаў даносіць інфармацыю пра беларусаў і Беларусь. Беластоцкія беларусы таксама “не апускаюць рукі”.

Беларуская дыяспара ў Беластоку ўвесь час пашыраецца. На жаль, сітуацыя ў Беларусі не надае пакуль аптымізму, а таму, хоць і ў меншай колькасці, але надалей шматлікія вымушаны пакідаць родныя хаты, часта сем’і, уладкаванае жыццё, і падавацца ў эміграцыю. І хоць сам выезд можа стаць ратункам ад турмы, то адаптацыя да новага жыцця, і псіхалагічная, і юрыдычная, праходзіць ня лёгка. І вось тут беларуская дыяспара прыходзіць на дапамогу. У сацыяльных сетках заўсёды можна звярнуцца з тым ці іншым пытаннем, з той ці іншай праблемай, і аказваецца, што “беларус – беларусу – беларус” – гэта не пустыя словы. Беластоцкія беларусы, акрамя непасрэднай падтрымкі суайчыннікаў, не спыняюць і свае палітычныя акцыі, якія праходзяць даволі часта, цяпер у розных частках горада, але перыядычна і на вуліцы Электрычная, 9. Гэты адрас ведае большасць – менавіта тут месціцца Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Месца, якое павінна быць кавалачкам роднай зямлі, прытуляць і ахоўваць, але якое стаіць і моўчкі паглядае на прысутных на акцыі суайчыннікаў. Можна толькі здагадвацца, хто і чым займаецца за гэтымі дзвярыма і завешанымі вокнамі.

Што да саміх палітычных акцый, адна з якіх акурат прайшла ў суботу, 16 кастрычніка, з патрабаваннем аказання адэкватнай медыцынскай дапамогі палітвязням, то давялося чуць мне раней пэўныя сумневы. Маўляў, а што яны даюць, гэтыя акцыі. Ні на што не ўплываюць. Але тут катэгарычна не пагаджуся. Выніковасць такіх акцый шматгранная. Па-першае, інфармацыйны аспект – пра акцыі паведамляюць і беларускія незалежныя СМІ, што дазваляе прынамсі маральна падтрымліваць суайчыннікаў і палітвязняў, і польскія СМІ, што дапамагае пастаянна трымаць беларускае пытанне на павестцы дня. Таксама акцыі не даюць і гэтым прадстаўнікам Рэспублікі Беларусь, што хаваюцца за агароджай, спаць спакойна. Бо які ж можа быць спакой, калі “Радзіма ў небяспецы”. Ёсць у акцый і яшчэ адзін важны момант. Акурат у суботу паразмаўляла я з дзвюма гарадзенкамі, удзельніцамі леташніх падзей, якія ўцяклі пасля суда ад прысуджанай ім “хіміі”, і толькі-толькі далучыліся да беларускага жыцця ў Беластоку. І яны кажуць: гэта для нас, як свежым паветрам падыхаць, пабыць сярод землякоў, адчуць блізкасць з людзьмі, якія думаюць таксама.

Падчас суботняй акцыі можна было напісаць пару слоў на паштоўцы для аднаго з палітычных вязняў. Арганізатарка раздавала паштоўкі і прозвішчы палітвязняў з кароткай інфармацыяй пра іх. Трапіўся мне акурат зямляк, гарадзенец, “азотавец”. Што ж напісаць зусім незнаёмаму чалавеку на невялікай паверхні паштоўкі? Не доўга думаючы, пераказала я яму ў словах нашы беластоцкія сонечныя прамяні, якія акурат выглядалі з-за аблокаў, каб асвятлялі яны нават самыя змрочныя і горкія дні за кратамі, каб не давалі сумаваць і давалі надзею. Для ўсіх нас…

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя